У беларускіх сетках

З 1994 года Лукашэнка і ягоная світа прысвоілі прыкладна 10 млрд даляраў народных грошай.
Пакуль Вы дачыталі да гэтых радкоў, яны сталі багацейшыя яшчэ на $.

20 гадоў таму Аляксандр Лукашэнка быў абраны прэзідэнтам Беларусі. Прэзідэнцкую пасаду ён займае даўжэй за ўсіх у Еўропе. Існуе меркаванне, што ў гэтым яму дапамагае камбінацыя сацыяльнай справядлівасці і аўтарытарызму: строгі, але справядлівы. Як паказаў наш аналіз грашовых плыняў, якія цыркулююць у беларускай эліце, гэты пункт гледжання вельмі далёкі ад праўды.

Спадар Лукашэнка і ягоныя сябры ўстанавілі ў Беларусі клептакратычны рэжым - амаль як у Расеі, толькі меншы памерам. Апазіцыя аслабла не ў выніку ягонага клопаты аб народзе, а пасля жорсткіх рэпрэсій. Нягледзячы на санкцыі Еўропы, бізнэс лукашэнкаўскай групоўкі цалкам забяспечваецца за кошт афшорных схем. І, вядома, за кошт простых беларусаў.

Беларусь - краіна памерам з Вялікабрытанію, дзе жыве столькі ж чалавек, колькі ў Бэльгіі. Сёння Беларусі надаецца менш увагі (прынамсі, у Інтэрнэце), чым Андоры, закінутай у Пірэнэях дзяржаве-карліку. Але сітуацыя імкліва змяняецца. У жніўні Менск узяў на сябе ролю пасярэдніка ў расейска-ўкраінскім канфлікце. У наступным годзе ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары - тэст не толькі на палітычную стабільнасць у краіне (за час кіравання Лукашэнкі вынікі ўсіх выбараў былі сфальсіфікаваныя), але і на гатоўнасць урада сустрэць пратэстоўцаў, як і раней, з дубінкамі і кайданкамі.

Калі еўрапейскія журналісты, заканадаўцы і простыя грамадзяне хочуць хоць штосьці разумець ва Ўсходняй Еўропе праз 10 гадоў, ім спатрэбіцца значна больш інфармацыі пра Беларусь. З гэтай прычыны заснаваныя The Belarus Networks.

Для аналізу грашовых плыняў мы выкарыстоўвалі публічныя крыніцы. Аб злачынствах, учыненых беларускімі кашалькамі цягам апошніх дваццаці гадоў, напісана шмат, але дагэтуль не было ніводнага сістэмнага аналізу наяўнай інфармацыі. Мы паспрабавалі развязаць гэтае рэбус. Наш аналіз паказвае беларускі рэжым у новым святле. У той жа час цалкам разабрацца ў сітуацыі немагчыма - занадта ўжо складаныя махінацыі. Каб дапамагчы журналістам і назіральнікам, мы апублікавалі базу звестак асоб і кампаній на сайце Detective.io/detective/belarus-networks. Большая частка спасылак у артыкуле вядзе да гэтай базы звестак. Такім чынам, мы хочам даць чытачу магчымасць уважліва вывучыць нашыя крыніцы. Калі Вы хочаце дапамагчы, адпраўце нам ліст на адрас belarus-networks@Detective.io.

Мінігархі
Credit: Александр Кузнецов

«Ненавіджу Беларусь», - заявіла дачка Уладзіміра Пефціева ў 2011 годзе, падчас візіту на радзіму свайго бацькі. Сама яна вырасла на Мальце, дзе Пефціеў асталяваўся на пачатку 2000-х. Мальта - краіна ЕЗ, якую часта называюць падатковым раем. У 2007 годзе Пефціеў вярнуўся ў Беларусь, мабыць, на загад Лукашэнкі. Для ягонай дачкі вяртанне на радзіму стала сапраўднай трагедыяй (сёння яна жыве ў ЗША). Пачынаючы з 90-х і цягам амаль дваццаці гадоў Пефціеў быў самым уплывовым бізнэсоўцам краіны. Паводле розных ацэнак, розныя махінацыі прынеслі яму больш за мільярд даляраў. Але ў адрозненне ад расейскіх алігархаў Рамана Абрамовіча і нябожчыка Барыса Беразоўскага, які жыў у Лондане, Пефціеў заўсёды быў у полі зроку Лукашэнкі.

Кар'ера Пефціева пачалася ў 1993 годзе, калі ён заснаваў супольнае прадпрыемства Белтэхэкспарт. Кампанія займалася продажам узбраення, што засталося ў краіне пасля раскідання СССР (а за савецкім часам Беларусь грала адну з ключавых роляў у вайсковай прамысловасці). Зброю прадавалі ўсім ахвотным. Затым да ўлады прыйшоў Лукашэнка, шмат у чым дзякуючы сваёй перадвыбарнай кампаніі, дзе ён абяцаў змагацца з карупцыяй. Пефціеў неадкладна пераключыўся з Вячаслава Кебіча, які ў той час быў прэм'ер-міністрам, на клан Лукашэнкі. У той жа час ён зблізіўся з Віктарам Бутам, вядомым дзялком на рынку зброі.

Белтэхэкспарт пастаўляў зброю і амуніцыю ў шэраг краін, прынамсі, у Кітай і, з чутак, у Паўночную Карэю. Акрамя таго, Белтэхэкспарт удзельнічаў у продажы баявых самалётаў для войска Лаўрэнта Гбаго, у той час - прэзідэнта Кот-д'Івуара. Тыя ж самыя самалёты ў 2004 годзе разбамбілі базу французскага войска ў Буацы - 9 загінулых, дзесяткі параненых. Не далей, як у 2007 годзе дырэктар Белтэхэкспарту адзначыўся ў скандале з дэталямі МІГ-29, што нелегальна накіроўваў у Бангладэш, якія выявілі ў Латвіі.

Паралельна з продажам савецкай зброі Пефціеў развіваў і іншыя кірункі свайго бізнэсу. У 1998 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў супольнага прадпрыемства МЛС (Мабільныя Лічбавыя Сістэмы) - уладальнікам «Velcom», які з часам стаў найбуйнейшым мабільным аператарам краіны. Затым Пефціеў пашырыў партфоліё, дадаўшы да свайго падкантрольнага холдынгу «Белтэх» завод «Аквадзіў».

Але і гэта не ўсё: разам са старэйшым сынам прэзідэнта Дзмітрыем Лукашэнкам таленавіты прадпрымальнік заснаваў латарэю «Спорт-Пары». Жонку Дзмітрыя Лілію Пефціеў уладкаваў дырэктарам фінансавай кампаніі «Eastleigh Trading». Такім чынам, моцна прывязаўшы сям'ю Лукашэнкі да свайго бізнэсу, Пефціеў гарантаваў сабе волю. І ўсё ж ніхто не мог гарантаваць, што Пефціеў не патрапіць у няласку.

Адрозна ад большасці постсацыялістычных краін, у Беларусі няма класічных алігархаў, якія зрабілі багацце на прыватызацыі, хоць бы таму, што татальнай прыватызацыі ў Беларусі не было. Іншая прычына - гэта савецкі падыход да ўласнасці і ролі дзяржавы ў ёй: усё вакол дзяржаўнае, і дзяржава можа распараджацца сваёй маёмасцю на сваё меркаванне. А дзяржава - гэта Аляксандр Лукашэнка, значыць, ён можа раздаваць фабрыкі і заводы сваім сябрам, як толькі яму заманецца. Гэтая сітуацыя натхніла амерыканскага навукоўца Эндру Уілсана на стварэнне новага тэрміна «мінігархі» - заможныя беларусы.

Да прыкладу, кагадзе Лукашэнка ўласнаручна перадаў завод вітамінных канцэнтратаў - дзяржаўную ўласнасць коштам 7 мільёнаў еўраў - кампаніі Мікалая Вараб'я «Інтэрсэрвіс». Нічога дзіўнага ў гэтым няма, бо Варабей - блізкі сябар Лукашэнкі.

Дзяржава забірае столькі ж, колькі і дае. Падрабязнасці гэтых угод знайсці нялёгка, галоўным чынам таму, што ў іх замяшаныя кампаніі з брытанскіх афшорных зон, якія не выдаюць імёны ўладальнікаў. Тым не менш, ёсць усе падставы меркаваць, што некалькі намінальна прыватных кампаній дзейнічаюць ад імя дзяржавы. Тыповы таму прыклад - так званая схема распушчальнікаў.

У рамках асобнага пагаднення Расея гарантавала Беларусі права купляць расейскую нафту без мытаў. У абмен на льготы Беларусь абавязалася плаціць у расейскі скарб адсотак з продажу нафтапрадуктаў. Іншымі словамі, Расея забяспечвала беларускую нафтапрамысловасць. Кампаніі, што імпартавалі нафту з Расеі, скарысталіся выпадкам і пачалі экспартаваць распушчальнікі, якія не ўважаюцца за нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай сыравіны. Такім чынам яны здалелі ўнікнуць мыт.

Паводле розных ацэнках, толькі ў 2012 годзе беларускія прадпрымальнікі зарабілі на гэтай схеме блізу 1,5 млрд даляраў. Гэта прыкладна палова беларускага УБП за 2012 год. Усе кампаніі, залучаныя ў гэтую схему, у той час належалі топ-мінігарху Юрыю Чыжу і Вараб'ю. Лукашэнка здолеў сцерці мяжу паміж дзяржаўнымі мытнымі зборамі і прыватным прыбыткам.

У Беларусі больш ніхто не давярае дакументам, якія пацвярджаюць уласнасць. Лукашэнка даў зразумець, што беспярэчнае падпарадкаванне яму або ягоным сынам - абавязковая ўмова для ўсіх, хто хоча разбагацець. Каб дашчэнту здушыць усе спробы здабыць незалежнасць, ён рэгулярна кідае за краты сваіх «партманетаў» і ўсяляк падтрымлівае канкурэнцыю паміж імі. Андрэй Шырай, да прыкладу, быў адным са стваральнікаў кантрабанднай схемы, якая наўпрост вяла да прэзідэнцкай адміністрацыі. Гэта не выратавала яго ад турмы. У 2000-я гады ўсе дырэктары кампаній гандлю зброяй (гандаль зброяй - беларускі цымус), акрамя Пефціева, былі арыштаваныя і прысуджаныя да турмы. Паводле некаторых крыніц, нават сам Чыж, які сёння знаходзіцца сярод фаварытаў, не ўнікнуў арышту і турмы ў 2010 годзе.

Замежныя сувязі
Credit: Bernardo Londoy

У пэўных колах мяркуецца, што Лукашэнка займаецца пошукамі аўтаркічнага брэнда для сваіх суграмадзян. Аднак гэта зусім не так.

Сітуацыя з прыватнымі грашовымі плынямі зусім іншая. Продаж мабільнага аператара «Velcom» - выдатны прыклад супрацоўніцтва сябрукоў Лукашэнкі з замежнымі фінансістамі, зацікаўленымі еўрапейскімі структурамі і афшорным зонамі. У 2007 годзе кампанія перайшла ва ўласнасць аўстрыйскага «Mobilkom», вартасць угоды - мільярд еўраў. Група беларусаў, сірыйцаў і аўстрыйцаў няблага забагацела.

Пефціеў заснаваў «Velcom» у 1998 годзе праз кампанію Белтэлекам разам са швайцарскай кампаніяй SBT, якая належала братам Самаві, выхадцам з Сірыі. Каб унікнуць тэндэру, Белтэлекам прадаў свае акцыі SBT за 400 мільёнаў еўраў. SBT, у сваю чаргу, прадаў акцыі кампаніі Telekom за 690 млн еўраў. Чысты прыбытак 300 мільёнаў еўраў толькі за пару дзён. Надзвычай выгадная ўгода стала толькі пачаткам працы братоў Самаві ў Беларусі. Яны інвеставалі ў шэраг будаўнічых праектаў у Менску праз кіпрскі афшор. Сын аднаго з братоў Самаві Халед, уладальнік папулярных галерэй у Лондане, Бэйруце і Дубаі, з дапамогай нявесткі самога Лукашэнкі адкрыў у Менску карцінную галерэю. Калі мы звязаліся з Халедам Самаві праз электронную пошту, ён не пацвердзіў гэтую інфармацыю; тым не менш, яе пацвердзілі беларускія журналісты, якія першымі паведамілі пра галерэі.

Яшчэ адзін ключавы гулец у продажы «Velcom» - Марцін Шлаф, венскі бізнэсовец з сувязямі ў аўстрыйскіх урадавых структурах і ўсходнееўрапейскім андэграўндзе. Ён арганізаваў продаж «Velcom» у 2007 годзе і за адным скрыпам выпісаў чэк на свае паслугі кансультанта - 1,8 мільёнаў еўраў. Гэта быў не першы беларускі праект Шлафа. У 2002 годзе ён дапамагаў арганізоўваць зімовыя вакацыі Лукашэнкі ў аўстрыйскіх Альпах. Аўстрыйскі Алімпійскі Камітэт афіцыйна запрасіў дыктатара ў якасці кіраўніка Беларускага Алімпійскага камітэта. Нягледзячы на свой ​​афіцыйны статус, Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком сеткі Casinos Austria Леа Вальнэрам (у той час кіраўнік Алімпійскага камітэта) для бізнэс-перамоў.

Мы дзейнічалі ў інтарэсах аўстрыйскай эканомікі
- пазней заявіў Вальнэр.

Двудушнасць Еўропы
Credit: European External Action Service

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 году офіс АБСЕ ў Менску быў закрыты, і беларускі ўрад прыняў пастанову не працягваць тэрміны дзеяння віз назіральнікам АБСЕ. Пасля гэтай пастановы ЕЗ і ЗША замарозілі актывы 50-ці беларускіх чыноўнікаў найвышэйшага рангу, уключна з Лукашэнкам, і забаранілі ім уезд у свае краіны.

Санкцыі былі знятыя ў канцы 2003 года ў якасці знака добрай волі, затым зноў уведзеныя ў 2006 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў, затым зноў знятыя ў 2008 годзе ў абмен на вызваленне палітвязняў. Падчас такога дзейснага выкарыстання санкцый у якасці бартэру з'явілася меркаванне, што санкцыі даюць вынік.

Тым не менш, у канцы 2010 года пасля чарговых сфабрыкаваных выбараў беларускі рэжым жорстка здушыў апазіцыйны пратэст. Узровень жорсткасці перасягнуў усе разгоны дэманстрацый у 90-я. У адказ на дзеянні рэжыму ЕЗ узмацніў санкцыі, забараніў уезд у Заходнюю Еўропу ўсім уцягнутым у рэпрэсіі асобам і замарозіў іхныя рахункі ў еўрапейскіх банках.

Забарона на ўезд працуе: шмат якім высокапастаўленым чыноўнікам было адмоўлена ў візе. Аднак замарожаныя актывы не спынілі рабаванне нацыянальных рэсурсаў Беларусі і адток прысвоеных сродкаў у еўрапейскі бізнэс. У 2012 годзе Пефціеў усё яшчэ выкарыстоўваў сваю мальтыйскую кампанію. Афшорныя кампаніі, напрыклад, тыя, што размяшчаюцца на брытанскіх Віргінскіх выспах (гэтыя выспы не ўваходзяць у ЕЗ, але падпарадкоўваюцца дзяржаве-чальцу ЕЗ), даюць беларускім бізнэсоўцам магчымасць беспакарана апераваць у ЕЗ. Як адзначаюць амерыканскія дыпламаты, асобы, якія падпадаюць пад санкцыі, і асобы, якія могуць дапоўніць чорны спіс, выкарыстоўваюць сваіх дзяцей для бізнэсу ў Еўропе. Да прыкладу, дачка былога прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага, з чутак, была ўцягнутая ў бізнэс адмывання грошай у Нямеччыне.

Еўрапейскія ўрады абараняюць інтарэсы пэўных карпарацый, яшчэ больш зніжаючы дзейснасць санкцый. Напрыклад, у 2012 годзе Славенія актыўна перашкаджала ўключэнню Чыжа ў чорны спіс. Кампаніі Чыжа былі звязаныя са славенскім дзялком Янэзам Шкрабцом, кіраўніком будаўнічай кампаніі «Рыка». Чальцы французскага парламента наведалі Менск у 2013 годзе, каб прасоўваць інтарэсы французскіх карпарацый, як, напрыклад, будаўнічая кампанія Bouygues. Мяркуецца, што зацікаўленасць французскіх карпарацый у Беларусі змякчае дыпламатычную пазіцыю Францыі ў дачыненні да Лукашэнкі. Мы паспрабавалі звязацца з Радай ЕЗ, каб даведацца, якіх пазіцый пільнаваліся чальцы ЕЗ падчас перамоў пра санкцыі, але нам было адмоўлена ў інфармацыі.

Некаторыя санкцыі ўсё ж даюць эфект. Анатоль Тарнаўскі, адзін з бізнэсоўцаў з «чорнага спісу», падаў пазоў у кіпрскі суд пасля канфлікту з адным расейскім алігархам. Адна з кампаній Тарнаўскага, размешчаная на Брытанскіх Віргінскіх выспах, мае даччыную кампанію на Кіпры, якая, у сваю чаргу, мела актывы ў Расеі. Іншымі словамі, адзінай сувяззю з ЕЗ было месца рэгістрацыі кампаній - Кіпр. У красавіку 2013 года Вярхоўны суд Кіпра пастанавіў, што Тарнаўскі не меў права рэгістраваць кампаніі на Кіпры, бо гэта дало б яму магчымасць займацца бізнэсам у ЕЗ.

Шмат хто ўважае мэтавыя санкцыі за вельмі дзейсны сродак, асабліва ў пытанні палітвязняў. Час пакажа, ці будзе Еўропа выкарыстоўваць гэты інструмент далей, улічваючы што Лукашэнка ўзяў на сябе ролю «сумленнага пасярэдніка» ў вайне Расеі супраць Украіны.